Тыдзень беларускай мовы i лiтаратуры

22.03.2021

“Зямля пад белымі крыламі”

Кожны чалавек размаўляе на той мове, на якой гавораць яго матуля, тата, сябры. А што, калі ты жывеш у Беларусі, а побач з сабой чуеш у асноўным толькі рускую мову? Як можна зацікавіць вучняў роднай беларускай мовай? Такое пытанне мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, задаём сабе вельмі часта. Думаецца, што толькі праз цікавыя формы работы можна ўразіць сучасных дзяцей і падлеткаў, паказаць ім, што наша мова не горшая за іншыя. І гэта здорава, калі ты з лёгкасцю можаш размаўляць, думаць, спяваць на беларускай мове! Ты ж беларус!

Сёлета Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе праходзіў пад дэвізам “Зямля пад белымі крыламі”. Неўміручыя словы класіка Уладзіміра Караткевіча аб’ядналі мерапрыемствы Тыдня агульнай задумай – усё, пра што гаварылі і што рабілі вучні і настаўнікі, мела дачыненне да культуры і спадчыны Белай Русі. Як вялізнае дрэва пачынае сваё жыццё з маленькага зярнятка, так і наш Тыдзень сфарміраваўся з асобных заданняў і мерапрыемстваў.

Арганізаваная да адкрыцця Тыдня фотазона стала дэманстрацыяй творчай актыўнасці вучняў і настаўнікаў, якія з задавальненнем рыхтавалі экспанаты, а потым з не меншым імпэтам пазіравалі для фота.

“Да пэўнай ступені бусел – сімвал Беларусі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму”, - пісаў У.Караткевіч. Думалі пра прыгажосць краіны і шасцікласнікі, рыхтуючыся да конкурсу малюнкаў. Як жа разгубіліся пяцікласнікі, спрабуючы выбраць лепшыя ілюстрацыі (ім была даручана гэтая адказная справа)! А выбіраць сапраўды было з чаго! У выніку доўгіх ваганняў пераможцы былі знойдзены.

I месца – Свідзерская Паліна 6 “Г”

II месца – Кужаль Ксенія 6 “Д”

III месца – Філатава Сафія 9 “Ж”

IV месца – Акуліч Соф’я 6 “А”, Папкова Яна 9 “Д”

V месца – Хадунова Ангеліна 6 “Д”

Вучні пятых класаў разам са сваімі настаўнікамі на ўроках пазнаёміліся з традыцыйнымі для беларусаў стравамі, што абавязкова павінны былі прысутнічаць на стале ў любой сям’і (многія з гэтых страў захаваліся і сёння, з’яўляюцца любімымі і для вас). А вучні восьмых класаў здзейснілі сапраўднае падарожжа ў краязнаўчы музей “Беларуская хатка” пад назвай “Куфар жыцця”. Гэта работа была накіравана як на пашырэнне лексікі дзяцей, так і на вывучэнне гісторыі сваёй сям’і, продкаў, радзімы. Дзеці з задавальненнем запаміналі назвы прадметаў, без якіх немагчыма было ўявіць жыццё любой сям’і яшчэ зусім нядаўна, а сёння яны ўжо з’яўляюцца гісторыяй.

Шасцікласнікі запрасілі ўсіх аднакласнікаў у госці, падрыхтаваўшы віртуальныя экскурсіі па сваіх пакоях. Да задання падключыліся і бацькі, якія дапамаглі дзецям ператварыць дзіцячыя пакоі ў сапраўдныя відэастудыі і самі атрымалі асалоду ад таго, што іх дзеці размаўляюць на беларускай мове.

Сямікласнікі цэлы тыдзень выконвалі заданні інтэрактыўнай гульні, прысвечанай роднаму гораду. Абмеркаванне некаторых заданняў яшчэ доўжыцца ў вучнёўскім асяроддзі і сёння.

Кульмінацыяй свята мовы і літаратуры стаў урывак са спектакля па рамане Івана Мележа “Людзі на балоце”, падрыхтаваны старшакласнікамі. Працуючы над пастаноўкай, настаўнікі і вучні так захапіліся работай, што з задавальненнем чакалі чарговай сустрэчы, на якой можна тварыць,  быць артыстам, рэжысёрам, з лёгкасцю дзяліцца думкамі з сябрамі на роднай мове.

Усё задуманае рэалізавана: кожны вучань быў задзейнічаны, кожны для сябе нешта адкрыў, зразумеў, адчуў. І не з адных дзіцячых вуснаў прагучала пытанне: “А ў нас яшчэ будзе Тыдзень беларускай мовы і літаратуры?”

Лапавухава Ю.М., кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры