Музыкальна-паэтычнае мерапрыемства, прысвечанае творчасці Ніла Гілевіча

30.09.2021

Сёння, 30 верасня, адзначаецца 90 год са дня нараджэння Ніла Сымонавіча Гілевіча.  Беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980 г.), Народны паэт Беларусі (1991 г.). Пасля смерці Рыгора Барадуліна ў 2014 годзе Ніл Гілевіч быў апошнім, хто меў званне Народнага паэта Беларусі. Пайшоў ён ад нас 29 сакавіка 2016 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай. 23 лістапада 2018 года быў урачыста адкрыты помнік на магіле паэта.

“Ніл Гілевіч пражыў доўгае, цікавае, напоўненае падзеямі і датамі жыццё. Ён быў не толькі таленавітым чалавекам, творчай асобай, але і сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы”, - так пра яго расказвае настаўнік нашай школы Іванова Вольга Францаўна, якая асабіста ведала гэтага ўнікальнага чалавека і яго сям’ю.

І менавіта сёння у нашай школе адбылося музыкальна-паэтычнае мерапрыемства, прысвечанае творчасці беларускага паэта. Нашы вучні, пад кіраўніцтвам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, паспрабавалі раскрыць асобу паэта, звярнуць увагу на вытокі яго творчасці, на асаблівасці манеры пісьма. Асноўны пазыў мерапрыемства – данесці да гледача два асноўныя накірункі творчасці Ніла Гілевіча: песня і боль… Песня пра Радзіму… І боль за Радзіму…

Помніце, што вы – БЕЛАРУСЫ!